Адзін мужчына падпаліў сябе ў электрычцы, другі збіў кантралёра
Спроба самагубства была здзейсненая 18 снежня ў электрацягніку Мінск — Барысаў.
60-гадовы беспрацоўны жыхар Барысава падпаліў сябе, калі электрычка знаходзілася на прыпынку Мінск-Усходні. Яго шпіталізавалі з тэрмічнымі апёкамі розных ступеняў, інфармуе БелаПАН.
БЕЛТА дадае, што было пашкоджанае сядзенне. На месца здарэння прыязджалі супрацоўнікі транспартнай міліцыі, ваенізаванай аховы чыгункі, выратавальнікі і брыгада "хуткай дапамогі". Затрымка ў руху электрацягніка склала 30 хвілінаў.
Крымінальную справу распачалі супраць транспарціроўшчыка Мінскага трактарнага завода. 22-гадовы жыхар пасёлка Гарадзішча Мінскага раёна ў тым жа электрацягніку Мінск — Барысаў збіў 21-гадовага кантралёра-рэвізора, нанёс яму каля сямі ўдараў. Вядома, што хуліган знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
Фота — bymedia.net