Алімпійцы ўкладваюць свае грошы, а весляры чакаюць лодкі... ўжо два гады
Еўрарадыё вырашыла даведацца, у якіх умовах рыхтуюцца да лонданскай Алімпіяды чэмпіёны і прызёры леташніх Гульняў.
На прэс-канферэнцыі 27 ліпеня кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта расказала аб эканамічных складанасцях, у якіх апынуўся камітэт. Паводле слоў віцэ-прэзідэнта арганізацыі Сяргея Цяцерына, без дапамогі спонсараў камітэт не справіўся бы.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, у якіх умовах рыхтуюцца да лонданскай Алімпіяды чэмпіёны і прызёры леташніх Гульняў.
Цяжкаатлет Андрэй Арамнаў трэніруецца ў Стайках разам з выхаванцамі спартовага інтэрната. Алімпійскі чэмпіён 2008 года мяркуе, што сродкі на падрыхтоўку выдзяляюцца немалыя, але выкарыстоўваюцца яны не заўсёды па прызначэнні.
“Я прасіў кучу трэнажораў. Я не ведаю, што там зрабілі, але яны нікога не спыталі і прывезлі нават трэнажор для пенсіянераў з Украіны, а не тое, што было патрэбна нам. Як выкарыстоўваюцца дзяржаўныя грошы на падрыхтоўку спартоўцаў, страшна падумаць. Амаль усю ежу я набываю сам, а вітаміны набывае мой трэнер. Вітамінаў, якія выдаюцца ў зборнай, не дастаткова”.
Пакуль Арамнаў не атрымаў ліцэнзію ў Лондан. Ён актыўна трэніруецца і збіраецца зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб трапіць на Алімпіяду і заваяваць там медаль.
Алімпійская чэмпіёнка Сіднея ў штурханні ядра Яніна Карольчык у 2008 годзе ў Пекіне выступіла не вельмі ўдала. Цяпер спартсменка трэніруецца на базе ва Уруччы, а ў падрыхтоўку да Гульняў укладвае ўласныя грошы.
“Заробак ад міністэрства не атрымоўваю, толькі ад арміі, бо я маёр. Дапамагаюць гродзенскія ўлады. Калі рыхтавалася да Сіднея, у мяне таксама ўкладвалі вельмі мала сродкаў. Можа, уласныя сродкі апраўдаюцца”.
Карольчык кажа, што спартоўцам і раней прыходзілася разлічваць на ўласныя сілы, а цяпер — тым болей. Большая частка грошай ідзе на спецыяльнае харчаванне і фармакалогію.
“На адзін старт у сярэднім патрэбна 1000-1500 долараў. Усё залежыць ад таго, колькі стартаў у сезоне. У сябе ў рэспубліцы 2-3 старты, потым асноўны, некалькі стартаў пасля асноўнага. Трэба тысяч 10 долараў на 6-7 стартаў”.
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Анатоль Бадуеў прызнае, што пэўны недахоп сродкаў адчуваецца. Але на дадзены момант пытанне з фінансаваннем удаецца вырашаць. Гэтак, у лёгкаатлетаў плануюцца замежныя зборы ў Партугаліі і бліжэйшым замежжы. А вось спадзяванні на спонсараў, пра якіх казаў НАК, пакуль не апраўдваюцца.
“Сапраўды, нам хацелася б, каб было лепей. Стараемся ўсё зрабіць добра. Пакуль атрымоўваецца. Нельга сказаць, што ў нас нічога няма. На спонсараў, на жаль, спадзявацца не выпадае. Ёсць некаторыя прадпрыемствы, як“Белтрансгаз”, беларускія нафтавыя кампаніі. Але іх грошай хапае толькі на адзін збор”.
Срэбны прызёр Пекіна Вадзім Дзевятоўскі сёлета амаль не выступае. Кідальнік молату хоча адпачыць пасля знясільваючых працэсаў у спартовым арбітражным судзе. Але да наступнага сезону разлічвае падысці ў добрай форме. Ніякіх прэтэнзій наконт фінансавання дэпутат Наваполацкага гарсавета Дзевятоўскі не мае.
“Зараз мне дапамаглі, напрыклад, абласныя ўлады. Калі і былі праблемы з вітамінамі, то маёй прэзідэнцкай стыпендыі (з часоў Алімпіяды 2004 года) хапае, каб вырашыць гэтыя праблемы і нават набыць за свой кошт. Я не эгаіст. У першую чаргу гэта мне патрэбна”.
Дзевятоўскі кажа, што калі б ён трэніраваўся за грошы, то даўно апынуўся б у іншай краіне.
У Беларускай федэрацыі веславання гавораць, што фінансавых праблем не заўважылі. Весляры рыхтуюцца да збору ў Брэсце. Там жа трэніруюцца і іх расійскія калегі. Але праблемы ўсё ж ёсць.
Старшыня Федэрацыі веславання Аляксандр Грыгараў распавядае, што вёслы і камбінезоны набываюцца спраўна, але не атрымоўваецца купіць…лодкі. Заяўку на набыццё 21 лодкі склалі яшчэ ў 2009 годзе.
Застаецца спадзявацца, што з чэмпіянату свету, які пачынаецца ў Славеніі 24 жніўня, беларускія весляры прывязуць медалі. А да Алімпійскіх гульняў у Лондане, можа, і лодкі з’явяцца.
Нагадаем, НАК разлічвае, што беларускія спартсмены атрымаюць 150 ліцэнзій на ўдзел у Алімпіядзе. На дадзены момант нарматывы выканалі 55 атлетаў. Перад беларускай камандай стаіць задача заваяваць на Гульнях 25 медалёў, 5 з іх павінны быць залатыя. На Алімпійскіх гульнях 2008 года Беларусь была прадстаўлена 181 спартоўцамі, якія прывезлі 4 залатыя, 5 срэбных і 10 бронзавых медалёў.
Фота: blr-running.com