Амаль сто актывістаў заявілі пра выйсце з Партыі БНФ
Дзевяноста два чальцы Партыі БНФ заявілі пра сваё выйсце з партыі. Яны лічаць, што БНФ больш не адпавядае сваёй назве і праграмным каштоўнасцям.
Сярод тых, хто выйшлі — прадстаўнікі мінскай і рэгіянальных арганізацый, знакавыя постаці Фронта, такія як мастак Аляксей Марачкін, экс-старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнай Рады XII склікання Галіна Сямдзянава, паведамляе UDF.BY
"Досвед партыйнага жыцця пасля з'езду 2009 года і асабліва вынікі апошняй прэзідэнцкай кампаніі канчаткова пераканалі нас, што палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адпавядае выклікам сучаснасці, супярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, волі, маральнасці і прынцыповасці, з якімі асацыяваўся Беларускі Народны Фронт з яго заснавання ў 1988 году", — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве фронтаўцаў.
11 лютага ў Мнску пройдзе збор фронтаўцаў, на якім будзе прымацца рашэнне пра наступныя крокі, заявіў сябра сойму Партыі БНФ Вацлаў Арэшка. Шматлікія актывісты, па словах Арэшкі, прапануюць неадкладна стварыць аргкамітэт новай палітычнай арганізацыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку.