Амбасадараў Еўрасаюза і ЗША не запрасілі на святкаванне 9 траўня ў Мінску
Таму амбасадары краін ЕС і прадстаўнік амерыканскага пасольства ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі 10 траўня.
Пра гэта заявіў кіраўнік амбасады Венгрыі Феранц Контра, паведамляе БелаПАН. Менавіта гэтая краіна цяпер старшынюе ў ЕС.
Контра адзначыў сваё здзіўленне тым, што хтосьці спрабуе падзяліць дыпламатычны корпус і не паклікаў на цырымонію прадстаўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі.
Амбасадар Венгрыі таксама пракаментаваў словы Аляксандра Лукашэнкі пра гатовасць беларускай улады да дыялогу з ЕС. Па словах Контры, Еўрасаюз таксама адкрыты, але чакае, каб Беларусь вызваліла палітвязняў.