Амерыканская мастачка прывезла ў Віцебск карціны з курынага памёту
У віцебскім музеі Марка Шагала адчынілася выстава амерыканскай мастачкі Мелы М. Колішняя беларуска прывезла на радзіму незвычайныя творы.
Мела М. – гэта псеўданім Мілы Марш. Калісьці яе звалі Людміла Качаргіна, і яна была студэнткай Віцебскага тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці. Цяпер мастачка жыве ў Лос-Анджэлесе разам з мужам, малюе, выкладае, актыўна ўдзельнічае ў выставах.
У Віцебск яна прывезла, фактычна, дзве выставы. Адна – “Сканструяваны далягляд” – паказвае, як уплывае сучасная гарадская архітэктура на навакольную рэчаіснасць. Многія з работ, што склалі гэтую экспазіцыю, мастачка напісала, выкарыстоўваючы… курыны памёт, які дадае да фарбаў. Па словах Мелы М., птушкі “разбельваюць” яркія фарбы архітэктуры, уносяць апошні штрых у працу архітэктара, і архітэктары павінны ўлічваць гэтую акалічнасць, калі праектуюць будынкі.
Другая выстава прысвечаная хатнім жывёлам, якія пакутуюць на атлусценне. Мела вырашыла такім чынам прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Падчас адкрыцця выставы яна з задавальненнем адзначыла, што ў Беларусі не бачыла ніводнай перакормленай коткі ці сабакі.