Аmnesty International забаранілі пікетаваць беларускую амбасаду ў Маскве
Праваабаронцы хацелі зладзіць акцыю ў гадавіну расстрэлу ў Беларусі Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва — 15 сакавіка 2013 года.
Расійскія актывісты Amnesty International планавалі правесці пікет каля беларускай амбасады ў Маскве. Гэтак яны хацелі нагадаць беларускім уладам пра тое, што смяротная кара непрымальная ў цывілізаваным свеце, і запатрабаваць яе адмены.
Аднак арганізацыя атрымала адмову на пікет каля амбасады. Пра гэта ў сваім блогу на сайце радыёстанцыі "Эхо Москвы" паведамляе дырэктар расійскага прадстаўніцтва Amnesty International Сяргей Нікіцін.
Праваабаронцам прапанавалі перанесці пікет супраць смяротнага пакарання ў Беларусі да помніка героям-памежнікам ці да помніка героям рэвалюцыі 1905 года. Аднак заяўнікі палічылі, што гэтыя месцы для акцыі абсалютна не пасуюць з прычыны сваёй аддаленасці і недарэчнасці.
Актывісты расцанілі забарону на пікет каля пасольства як грэбаванне нормамі міжнароднага права ў галіне правоў чалавека.