Апазіцыя можа выставіць на мясцовых выбарах тысячы сваіх кандыдатаў

Першай афіцыйнае рашэнне аб “поўнафарматным” удзеле ў мясцовых выбарах прыняла Партыя БНФ. Паводле слоў старшыні партыі Аляксея Янукевіча, яны плануюць нават не здымаць сваіх кандыдатаў на апошнім этапе кампаніі. Іншая справа, колькі гэтых кандыдатаў будзе.

Аляксей Янукевіч: “Я думаю, што на гэтых выбарах будзе параўнальная колькасць з мінулымі мясцовымі выбарамі, калі ў раёне 300 кандыдатаў Партыя БНФ выстаўляла”.

Ці шмат гэта? Падчас мясцовых выбараў 2010 года былі абраныя 21 303 дэпутаты. Праўда, Аляксей Янукевіч тлумачыць, што не ўсе дэпутацкія мандаты ім цікавыя.

Аляксей Янукевіч: “Абласныя саветы будуць прыярытэтам для нас і абласныя акругі. А таксама варта рабіць стаўку на якасць, а не на колькасць, і канцэнтравацца на тых акругах, дзе ёсць аўтарытэтныя мясцовыя лідары”.

Не выключана, што на іх маюць віды калегі “бэнээфаўцаў” па дэмакратычным лагеры. Практычна вырашаны ўдзел у выбарах левых — партыі “Справядлівы свет”, распавядае старшыня Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін: “Тры, можа — чатыры сотні кандыдатаў выставім. Гэта будзе залежаць ад таго, будуць сапраўдныя выбары ці не. Бо калі выбараў няма і людзі гэта разумеюць, то матываваць людзей для ўдзелу ў іх складана”.

Пойдзе на выбары і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Выставіць ажно 1 тысячу кандыдатаў. Праўда, не выключае лідар партыі Анатоль Лябедзька, могуць абмежавацца… 5-6 кандыдатамі.

Анатоль Лябедзька: “Калі б гэта былі выбары, я адказваю за свае словы, мы б вылучылі не менш за 1 тысячу кандыдатаў! Але калі выбараў няма, а ёсць імітацыя, мы ставім іншыя задачы, пра колькасны склад… Нават калі іх будзе 5 ці 6, але гэта будуць тыя, якія хочуць ва ўсім гэтым паўдзельнічаць”.

Схіляць людзей да ўдзелу ў выбарах і падтрымліваць “блізкіх па духу” кандыдатаў будзе і рух “За свабоду”, упэўнівае Аляксандр Мілінкевіч. Тут размова пра тысячы не ідзе.

Аляксандр Мілінкевіч: “Калі ходзяць людзі з “ніякімі” біяграфіямі, людзі, якія не могуць прадстаўляць інтарэсы грамадства і гэта адчуваецца, а проста пагуляцца ў палітыку выйшлі, то лепш такім бы нават і не хадзіць”.

У панядзелак 8 красавіка прайшло пасяджэнне Вышэйшага савета ЛДПБ, дзе заявілі аб намеры вылучыць 6 (!) тысяч кандыдатаў. Як будзе павозіць сябе на выбарах кампанія “Гавары праўду!” — яны пакуль не вызначыліся. Але ўжо цяпер відавочна, што з такой колькасцю кандыдатаў актыўнасць апазіцыі абмяжуецца гарадамі.

Фота: http://photo.bymedia.net