Апазіцыянера аштрафавалі за бела-чырвона-белы сцяг на БТР
Уладзіслаў Бароўскі быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД мусіць заплаціць 50 тысяч рублёў штрафу. Такое рашэнне 4 красавіка прыняла камісія па справах непаўналетніх Адміністрацыі Маскоўскага раёну Брэста. Малады чалавек прызнаў, што сапраўды вывешваў на БТР сцяг, але рабіў гэта адзін. Абскарджваць пастанову камісіі ён не збіраецца.
Нагадаем, Уладзіслава Бароўскага, Яўгена Казіахметава і Андрэя Шарэнду затрымалі 18 сакавіка каля парка воінаў-інтэрнацыяналістаў у Брэсце. Менавіта там быў вывешаны бела-чырвона-белы сцяг у рамках акцыі “Марафон салідарнасці з палітзняволенымі”.
22 сакавіка у судзе Маскоўскага раёну Яўген Казіахметаў быў аштрафаваны на 1 мільён рублёў, Андрэй Шарэнда — на 2,5 млн рублёў.
Фота — bymedia.net