Арамнаў атрымаў траўму, але на Алімпіяду ў Лондан усё ж паедзе
Алімпійскі чэмпіён Пекіна-2008 пацягнуў сцягно падчас кантрольнага старта ў Барысаве.
Кантрольныя старты неабходныя, каб унесці тэхнічныя вынікі атлета ў фінальную алімпійскую заяўку і правільна замовіць пачатковую вагу перад спаборніцтвамі.
"У першай спробе ў рыўку Арамнаў узяў вагу ў 190 кілаграмаў, другую спробу выканаў няўдала, але ў трэцяй упэўнена падняў штангу вагой 197 кілаграмаў. Прычым было відаць, што ён гатовы вырваць і 200 кілаграмаў, а гэта рэкорд свету, усталяваны Андрэем на Алімпіядзе ў Пекіне, ― цытуе галоўнага трэнера зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Аляксандра Ганчарова інафрмагенцтва БелТА. ― У штуршку Арамнаў адразу ж замовіў 230 кілаграмаў. Але спроба атрымалася няўдалай: штанга павяла ў бок, і Андрэй пашкодзіў сцягно”.
Траўма не перашкодзіць Арамнаву ўдзельнічаць у Алімпіядзе, упэўнены трэнер.