Аўтуховіч ускрыў вены, каб не сядзець у камеры з "апушчанымі"?
Пра гэта паведаміў праваабаронца Алег Воўчак са словаў аднаго з вязняў Івацэвіцкай калоніі.
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, палітвязня перавялі ў новую камеру, дзе сядзяць зняволеныя з нізкім сацыяльным статусам. Паводле турэмных правілаў, чалавек, якога садзяць у гэту камеру, павінен любымі спосабамі на працягу 10 хвілінаў адтуль выйсці, інакш чакае такі ж статус. Таму, кажа Воўчак, Аўтуховіч і ўскрыў сабе вены.
Таксама праваабаронца паведаміў, што пасля спробы суіцыду вязня, як правіла, адпраўляюць на псіхіятрычную экспертызу, а яна можа прызнаць Аўтуховіча неадэкватным.
Цяпер, кажа Воўчак, палітвязня трымаюць у памяшканні камернага тыпу.
Нагадаем, што па непацверджаных звестках, спробу суіцыду Аўтуховіч здзейсніў увечары 15 снежня.