Бабруйскія ЖБК завінаваціліся будаўнікам больш за 1,2 млн долараў
Выплаціць пазыку ў бабруйскіх жыллёва-будаўнічых кааператываў (ЖБК) запатрабуюць цягам аднаго тыдня.
Старшыня бабруйскага гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў лічыць, што ў будаўнічых праблемах гораду вінаватыя ў тым ліку і многія жыллёва-будаўнічыя кааператывы, якія не разлічыліся з будаўнікамі. Агульны памер запазычанасці, па словах гарадскога кіраўніка, складае 6-7 млрд рублёў, а гэта больш за 1,2 млн долараў па сённяшнім курсе. Па ўжо пабудаваных і здадзеных дамах пазыка складае 400 тысяч долараў.
Спагнаць запазыку Бонахаў загадаў у тыднёвы тэрмін. Інакш неплацельшчыкаў будуць выключаць з кааператываў, а іх месцы прапаноўваць тым, у каго грошы яшчэ засталіся. Ахвочых можа быць даволі шмат, бо кошт квадратнага метра жытла дагэтуль застаецца старым - 1,6 млн рублёў.