Багданкевіч прапанаваў Макею абмеркаваць сітуацыю з незалежнай прэсай
Ён просіць склікаць для гэтага пазачарговае пасяджэнне Грамадскага кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта.
Сябра Грамадскага кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта Станіслаў Багданкевіч звярнуўся да кіраўніка савета і Адміністрацыі Ўладзіміра Макея з заявай аб скліканні пазачарговага пасяджэння. Абмеркаваць прапануецца намер Міністэрства інфармацыі ліквідаваць праз суд газеты "Наша ніва" і "Народная воля".
"Гэта вельмі важнае пытанне: у нас ёсць дзве буйныя недзяржаўныя газеты, якія даюць аб'ектыўную інфармацыю. І гэта будзе парушэннем канстытуцыйнай нормы аб свабодзе інфармацыі, калі прымуць рашэнне аб закрыцці гэтых газет. Я не спадзяюся на станоўчы вынік, бо ніякіх станоўчых рашэнняў не прымаецца. Але спадзяюся, што калегі падтрымаюць — сябры савета", — заявіў Багданкевіч Радыё "Свабода".