Беларус атрымаў найбольшы турэмны тэрмін за беспарадкі ў Маскве
Суды над фігурантамі справы аб беспарадках на Манежнай плошчы прайшлі сёння ў расійскай сталіцы.
Ігара Беразюка, Кірыла Унчука, Руслана Хубаева, Леаніда Паніна і Аляксандра Казевіна прызналі вінаватымі ў закліках да масавых беспарадкаў, распальванні нянавісці ці варожасці і ўжывання гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады. Беларускі грамадзянін Ігар Беразюк атрымаў найбольшы тэрмін — 5,5 год. Ён, як і іншыя асуджаныя па такім самым абвінавачанні, з’яўляецца актывістам “Іншай Расіі”
У рашэнні суда гаворыцца, што віна фігурантаў пацвярджаецца паказаннямі пацярпелых. Зрэшты, карэспандэнт РИА Новости адзначае, што ў часе выступаў у судзе некаторыя пацярпелыя не бачылі абвінавачаных на плошчы. А некаторыя сцвярджалі, што не панеслі фізічнай ці маральнай шкоды.
Беспарадкі на Манежнай плошчы ў Маскве адбыліся 11 снежня 2010 года. Натоўп пратэставаў супраць вызвалення каўказцаў — удзельнікаў бойкі 28 кастрычніка 2010 года. Тады ў патасоўцы загінуў футбольны заўзятар Ягор Свірыдаў.