Беларусь гатовая ўрэгуляваць “малочны канфлікт” з Украінай
4 сакавіка Міністэрства сельскай гаспадаркі праінфармавала, што робіцца з беларускага боку для ўрэгулявання украінскіх прэтэнзій.
Нагадаем, што прэтэнзіі тычыліся якасці беларускай малочнай і мясной прадукцыі, увоз якой забаронены ва Украіну з 1 сакавіка. У прыватнасці, гаворка ішла пра выяўленне антыбіётыкаў у малацэ. Пры гэтым афіцыйных прэтэнзіяў і дакументаў з вынікамі даследаванняў у Мінск не дасылалі. 3 сакавіка Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі даслаў у Дзяржаўную ветэрынарную і фітасанітарную службу Украіны ліст. У ім беларускі бок якраз і просіць накіраваць у Мінск пратаколы выпрабаванняў. Аналіз дакументаў якраз і дазволіць аператыўна прыняць захады па выключэнні прэтэнзіяў, паведамляе TUT.by
У той самы дзень ад украінскага боку паступіў запыт наконт дзеючай у Беларусі сістэмы дзяржаўнага кантролю за бяспекай харчовых прадуктаў. Цяпер адпаведныя ведамствы рыхтуюць запытаныя дакументы.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі такім чынам спадзяюцца наладзіць дыялог з Кіевам і пазбегнуць гандлёвай вайны.