Беларусь пагражае Украіне гандлёвымі абмежаваннямі з 5 сакавіка

Украіне пагражаюць забараніць увоз яе прадукцыі ў Беларусь, калі не будзе знятая забарона на імпарт беларускай прадукцыі. Пра гэта ў суботу 3 сакавіка паведаміла прэс-служба Міністэрства аграрнай палітыкі і харчавання Украіны.

Згодна з паведамленнем, у пятніцу на просьбу беларускага боку адбылася сустрэча кіраўніка Дзяржветфітаслужбы Украіны Івана Бісюка с першым намеснікам дырэктара Дэпартаменту ветэрынарыі і харчавання Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі Юрыем Піваварчыкам. Украінскі бок прапанаваў канкрэтныя дзеянні для вырашэння сітуацыі, якая склалася вакол забароны ўвозу на тэрыторыю Украіны малочнай і мясной прадукцыі з Беларусі.

Аднак замест агульных дзеянняў беларускі бок заявіў пра магчымае ўвядзенне забароны на ўвоз украінскай прадукцыі. У свая чаргу ўкраінскія эксперты яшчэ з кастрычніка 2011 года пачалі рэгістраваць перавышэнне колькасці антыбіётыкаў у гатовай малочнай прадукцыі з Беларусі. У Мінск неаднаразова накіроўвалі афіцыйныя лісты з папярэджаннямі і рэкамендацыямі што да ліквідацыі парушэнняў. Аднак ужо ў лютым 2012 года выпадкі выяўлення антыбіётыкаў у малочнай прадукцыі сталі масавымі. У сувязі з гэтым і была ўведзеная часовае абмежаванне на імпарт беларускіх малочных прадуктаў ва Украіну.

Беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі тым часам абяцае ўвесці 5 сакавіка ў 15.00 забарону на імпарт украінскіх тавараў, калі Кіеў не здыме свае абмежаванні. Пад забарону могуць трапіць украінскія алей, соль, кукуруза, кандытарскія вырабы і шпроты. Таксама Беларусь заяўляе, што як сябра Мытнага саюза будзе прасіць Расію і Казахстан паставіць заслону для ўкраінскіх тавараў. Украіна ў сваю чаргу не можа пайсці на невыкананне нормаў па ўтрыманні антыбіётыкаў у малацэ, інфармуе pravda.com.ua

Афіцыйных каментароў з беларускага боку наконт гэтай сітуацыі пакуль не паступала. Тым часам украінскі прэм’ер Мікалай Азараў сёння, 3 сакавіка заявіў у Кіеве журналістам, што забарона на ўвоз прадуктаў з Беларусі ва Украіну часовая.

"Заўсёды рашэнне, якое прымае адна з бакоў, сустракае рэакцыю з іншага боку. Ніколі не бывае аднабаковых рашэнняў. Мы нашым беларускім калегам матывавалі наша рашэнне. У нас ёсць падазрэнне, цалкам абгрунтаванае, і мы гэтае падазрэнне павінны праверыць. Гаворка ідзе аб часовых захадах, толькі аб часовых", — заявіў Азараў.

Паводле яго словаў, як толькі ўсе сумневы ў якасці беларускай малочнай і мясной прадукцыі будуць "альбо развеяныя, альбо пацверджаныя”, гэтыя захады будуць перагледжаныя.