Беларускія прадпрымальнікі аддаюць перавагу гандлю перад вытворчасцю
Кожны другі беларускі індывідуальны прадпрымальнік лічыць развіццё свайго бізнесу ў цяперашняй сітуацыі немагчымым.
Такія звесткі былі атрыманыя падчас даследавання, што ладзіла Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" ў межах конкурсу "Найлепшы рэгіён Беларусі для вядзення бізнесу індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў 2010 годзе".
Паводле звестак, атрыманых падчас анкетавання, толькі 7% прадпрымальнікаў пазычалі неабходныя для пачатку бізнесу сродкі ў банкаў. Пераважная ж большасць скарысталася ўласнымі грашыма, а таксама грашыма сваякоў і сяброў.
76% прадпрымальнікаў для паспяховага вядзення бізнесу трэба мець двух або трох наёмных работнікаў. Пры гэтым для 80% апытаных немагчымасць наймаць работнікаў — не сваякоў і высокія падаткі з'яўляюцца самымі важнымі праблемамі.
Прыкладна 80% апытаных камерсантаў адзначаюць зніжэнне прыбыткаў бізнесу ўжо другі год запар.
Толькі 2% прадпрымальнікаў, што ўзялі ўдзел у анкетаванні, станоўча ацэньваюць уплыў рэгіянальных уладаў на свой бізнес.
У выпадку развіцця свайго бізнесу 42% прадпрымальнікаў жадаюць застацца
ў сферы рознічнага гандлю, 23% хочуць заняцца аптовым гандлем, 22,6% — вытворчасцю, а каля 10% — працаваць у сферы паслуг.
Толькі 10% прадпрымальнікаў ускладаюць надзеі на Дырэктыву №4 як на інструмент паляпшэння бізнес-клімату ў краіне.
Палова апытаных камерсантаў лічыць рост свайго бізнесу ў цяперашніх умовах немагчымым, піша "Ежедневник".