Беларускі гіравік зрабіў свой від спорту відовішчным

110905 Kharaneka_site.mp3

Еўрарадыё: Мы ведаем, што гэта ваш 132 рэкорд у вашай кар'еры. Ці збіраецеся вы спыніцца на нейкай лічбе ці будзеце ўсталёўваць рэкорды далей і далей?

Харанека: Ці будзе працяг – гэта ведае толькі бог, які дае мне моц. Спадзяюся, што гэта будзе не крайні  рэкорд. Я выступаў у межах дня горада Масквы, які прайшоў у мінулыя выходныя, на XVI Міжнародным фестывалі рэкардсменаў Кнігі рэкордаў Гінеса па персанальным запрашэнні міжнароднага клуба рэкардсменаў "Інтэрстронг". Я змог усталяваць новы афіцыйны экстрэмальны сілавы рэкорд. Цягам 2 хвілін 15 секунд я перакуліўся 10 разоў запар спіной назад, увесь час утрымліваючы ў прамой левай руцэ гіру вагой 24 кілаграмы.

Еўрарадыё: Перакуліцца 10 разоў запар спіной назад, увесь час утрымліваючы ў прамой левай руцэ гіру вагой 24 кілаграмы – адкуль паўстала ідэя такога экстрэмальнага сілавога рэкорду?

Харанека: Гэта даўно павялося, яшчэ калі я выступаў цягам 10 гадоў у складзе зборнай краіны як спартсмен-гіравік. Ведаеце, мне было проста крыўдна, дасягнуўшы ўсяго, маючы амаль усе тытулы ў гіравым спорце, і наш від спорту вельмі цікавы, але ў той жа час ён не відовішчны, сумны, хоць ён вельмі цяжкі, калі так вобразна параўнаць, конскі від спорту. Я вырашыў прыдумаць нейкія трукі. Нешта вычытваў з літаратуры асілкаў, нешта мне падказвалі людзі ўлічваючы маю канстытуцыю. І так нараджаліся такія рэкорды.

Еўрарадыё: Як ваша здароўе цяпер, пасля траўмы атрыманай ад выбуху ў мінскім метро? Вы цалкам ужо аднавіліся?

Харанека: Дзякуючы богу, добра.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас паслядоўнікі ў такім нетыповым сілавым спорце?

Харанека: Ёсць. Ведаю, што хлапцы і ў нас у Беларусі ёсць, і ў Расіі, і на Ўкраіне, і нават у Грэцыі, Італіі.