Беларускія актывісты хочуць сустрэцца з міністрам юстыцыі Польшчы
Раней яны ўжо дамагліся сустрэчы з намеснікам генпракурора Польшчы Робертам Гернандам.
5 студзеня на імя міністра юстыцыі Польшчы Яраслава Говіна паступіў зварот ад імя пяці беларускіх і міжнародных арганізацый. Беларусы хочуць на асабістай сустрэчы з кіраўніцтвам міністэрства абмеркаваць некалькі праблемаў. Гаворка ідзе пра шматгадовы пераслед судом у Беластоку палітэмігранта Андрэя Жукаўца і рашэнне суда ў Быдгашчы пра фактычную забарону бел-чырвона-белага сцяга на спартыўных мерапрыемствах у Польшчы.
Падпісанты адзначаюць, што суддзя, які займаўся справай Жукаўца, цяпер з’яўляецца падазроным у крымінальнай справе па фактах фальсіфікацыі доказаў супраць беларускага апазіцыянера.
Пад зваротам да міністэрства юстыцыі Польшчы падпісаліся Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў”, Звяз на карысць дэмакратыі ў Беларусі, "Малады Фронт”, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і “Еўрапейская Беларусь”.