Беларускія чыноўнікі, якіх не пусцілі ў Літву, ехалі туды па праграме ААН
Суддзя Вярхоўнага суда Аляксей Рыбакоў і намесніца міністра юстыцыі Ала Бодак былі запрошаныя на канферэнцыю па перадухіленні наркатрафіка.
Пра гэта паведаміла Беларускае тэлебачанне. Раней меркавалася, што паездка ў Літву гэтых чыноўнікаў была звязаная са справай праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пра тое, што яго віза ануляваная, суддзя Аляксей Рыбакоў даведаўся за дзень да канферэнцыі. Намесніцы міністра юстыцыі Але Бодак візу анулявалі проста на мяжы.
Абодва чыноўнікі з’яўляюцца неўязднымі на тэрыторыю Еўрасаюза, нагадвае БелаПАН. Яны мяркуюць, што такім чынам Еўрасаюз парушае агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права, бо чыніць перашкоды мерапрыемствам у межах ААН.
Літоўскі бок раней патлумачыў, што чыноўнікі спачатку сапраўды атрымалі візы праз амбасаду ў Мінску, але памылкова.