Беларускія запраўкі ўвялі абмежаванні на продаж дызельнага паліва і бензіна
Цяжкасці з палівам закранулі адразу некалькі рэгіёнаў
Кампанія "Газпромнафта-Белнафтапрадукт" перастала ў Віцебску прадаваць бензін і салярку за наяўныя рублі. На адной з заправак горада патлумачылі Еўрарадыё, што праблемы выкліканыя адсутнасцю адгрузак з боку заводаў.
АЗС 80: “Наяўна не разлічваем, толькі безнаяўна па дамовах. Фізічныя асобы запраўляцца дызелем і 92-м бензінам у нас пакуль не могуць. 92-і бензін з’явіцца ўжо сёння, дызель — на выхадных".
Праблемы з палівам закранулі і Мінск. На АЗС 51 "Газпромнафта-Белнафтапрадукт" можна разлічвацца, як наяўна, так і безнаяўна. Але фізічныя асобы заправіцца дызелем пакуль не могуць.
“Ёсць абмежаванні, але толькі на дызель. З юрасобамі заключаны кантракты, і ім дызельнае паліва адпускаецца. Разлічвацца можна і наяўна, і безнаяўна”.
Наяўнасць абмежаванняў пацвердзілі на АЗК “Лукойл” ў Магілёве. Як і ў Віцебску, тут дызпалівам можна заправіцца з разлікам 20 літраў на легкавы аўтамабіль і 100 літраў — на грузавы.
Цяжкасці з палівам існуюць і на запраўках Гродна.
На аўтазаправачнай станцыі “Беларуснафта” па вуліцы Пушкіна аўтамабіль сёння заправіць можна не больш як 25 літрамі любога паліва.
На адной з заправачных станцый “Лукойл” у Гомелі Еўрарадыё распавялі, што абмежаванні дзейнічаюць у прыгранічных раёнах.
Фота: astaconsult.com