Беларусы Польшчы складаюць стратэгію развіцця асветы на роднай мове (фота)

120416 Auhinia Belarusy.mp3

На занятках роднай мовы ў пятым класе школы №4 Беластока – пяцёра вучняў. Агулам урокі наведвае дзевяць дзяцей з класа, але ў перадвелікодную пятніцу некаторыя адпрасіліся дахаты раней.

Каб вывучаць беларускую мову як прадмет у польскай школе ці садку, бацькі мусяць напісаць адпаведную заяву. Калі з аднаго класа іх будзе больш за сем, школа павінна скласці спецыяльны расклад. Калі менш, адміністрацыя арганізуе зборныя групы з розных садкоў і класаў. Паводле апошняга распараджэння міністра адукацыі Польшчы, па жаданні бацькоў дадаткова можна вучыць гісторыю, культуру і геаграфію роднай краіны.  На гэта даецца ажно 290 акадэмічных гадзін у год.

Настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк кажа, што сяброўства ў Еўрасаюзе абавязвае польскія ўлады падтрымліваць нацыянальныя меншасці. Пытанне ў тым, ці хочуць мясцовыя беларусы карыстацца сваімі правамі, а таксама, як разумеюць сваю ролю беларускія настаўнікі.

“Навучанне нацыянальнай мове меншасці мае адну галоўную мэту – падтрымаць тоеснасць. Гэта развіваць пачуццё гордасці, што мы нібы іншыя, але не значыць, што горшыя. Навучаць гэтай мове – гэта будаваць адкрытага на свет чалавека, які ведае і не цураецца свайго, але таксама ведае і іншыя культуры”, – лічыць Аліна.

Вызначэнне патрэбаў польскіх беларусаў у асвеце на роднай мове і стане першым этапам ў працы над стратэгіяй. Падобныя дакументы ўжо ёсць у літоўцаў, украінцаў і немцаў, але наўрад ці на іх можна абаперціся польскім беларусам, лічыць Аліна Ваўранюк. Літоўская меншасць мае школы і садкі, дзе, апрача польскай мовы і гісторыі, выкладанне цалкам вядзецца на роднай мове. Украінцы пасля рассялення пад час аперацыі “Вісла” у 1947 годзе жывуць у самых розных мясцовасцях Польшчы. Нямецкую супольнасць актыўна падтрымлівае Германія. У польскіх беларусаў сітуацыя цалкам іншая, кажа Аліна:

 

“Хто стаіць за намі? Якая дзяржава? З якім колерам? З зялёна-чырвоным? Мне гэты колер не адпавядае. Для мяне мой сцяг быў і будзе бел-чырвона-белы. На якую дапамогу я магу разлічваць? Калі я гляджу, што адбываецца з людзьмі, для якіх самы важны той колер, то як і з кім я магу супрацоўнічаць у Беларусі? Часам мне здаецца, што гэта мы павінны дапамагчы, а не наадварот. Калі я раблю паказны алфавіт па-беларуску, бо я яго не магу дастаць у Беларусі, гэта ненармальная сітуацыя”.

 


На думку Аліны, стратэгія сярод усяго мусіць прадугледжваць сістэматычны выпуск дапаможнікаў для беларускага школьніцтва ў Польшчы. Цяпер выданнем неабходных падручнікаў, дыскаў і гульняў займаецца “Аб’яднанне ў карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову “АВ-ВА” (http://www.ab-ba.com.pl/index.php ). У грамадскую арганізацыю ўваходзяць бацькі, якія хочуць выхаваць сваіх дзяцей беларусамі. Аліна Ваўранюк з мужам Міколам Ваўранюком таксама сябруюць у “АВ-ВА”: свайго сына і дачку вучаць беларускай мове.

Актывісты аб’яднання разаслалі лісты ва ўсе школы Падляшша з пытаннем, што на, іх думку, мусіць быць уключана ў будучую стратэгію. У працы над ёй удзельнічаюць прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і адміністрацыі, самаўраду Падляшша, дырэктары школ, сябры беларускіх грамадскіх аб’яднанняў. Аліна Ваўранюк лічыць, што стратэгія – гэта перадусім шанец для беларусаў Польшчы дамовіцца паміж сабой, як захаваць уласную адметнасць :

“Гэта не будзе так, што можна будзе сказаць: гэта, гэта і гэта вы нам павінны нам зрабіць. Але можам потым абапірацца, што калі так прыдумалі, то давайце будзем гэтага трымацца. Стратэгія не закон. Яна можа нічога не памяняць, але можа і прынесці карысць. Мы можам загаварыць супольна адным голасам, чаго мы патрабуем”.