Беражкоў: Федэрацыя футболу не будзе ўмешвацца ў публікацыі "Прессбола"
10 красавіка Беларуская федэрацыя футболу прыняла рашэнне купіць акцыі адкрытага акцыянернага таварыства "Прессбол-91".
Яно з'яўляецца заснавальнікам вядомай газеты.
Галоўны рэдактар "Прессбола" Уладзімір Беражкоў кажа, што газета не памяняе свой змест у сувязі з цяперашнімі пераменамі.
Беражкоў: "Паводле Закону аб СМІ, рэдакцыяй кіруе галоўны рэдактар. Ён жа фармуе творчы калектыў. І сёння ў нас ёсць поўнае разуменне, што федэрацыя не ўмешваецца ў творчую палітыку выдання. Яна ўжо сфармаваная і застанецца такой, як і раней, якой прызвычаіліся бачыць яе чытачы".
Беражкоў кажа, што спадзяецца на павелічэнне папулярнасці выдання — як у папяровай, так і ў інтэрнэт-версіі.
Нагадаем, што "Прессбол" пачаў шукаць новых інвестараў у лістападзе мінулага года. Галоўны рэдактар кажа, што газета атрымала шмат прапановаў. Але прапанова Беларускай федэрацыі футболу падалася найбольш прымальнай, бо БФФ не хоча захапіць "Прессбол" і атрымаць кантрольны пакет.