Берлін адклікаў з Мінску штаб ваеннага аташэ пры амбасадзе Нямеччыны

Паводле інфармацыі нямецкага агенцтва dpa, улады гэтай краіны палічылі немагчымым далейшае ваеннае супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам у сувязі са шматлікімі выпадкамі парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

Рашэнню па спыненні місіі ваеннага аташэ ў Мінску папярэднічалі дыпламатычныя крокі абедзвюх краін. У верасні 2012 года ўрад Нямеччыны канстатаваў адсутнасць паляпшэння ў Беларусі сітуацыі з палітычным пераследам іншадумцаў і абмежаваў ваеннае супрацоўніцтва. У адказ улады Беларусі спынілі кааперацыю з бундэсверам.

Створаны ў 1993 годзе апарат ваеннага аташэ амбасады Нямеччыны назіраў за працэсамі развіцця і рэфармавання беларускай арміі і яе ўзаемадзеяннем з узброенымі сіламі іншых дзяржаў і міжнародных структур бяспекі. Ён таксама даваў беларускаму Міністэрству абароны інфармацыю па ваенных пытаннях, якія тычацца Нямеччыны, інфармуе БелаПАН.

Фота — bymedia.net