Брэсцкі бабёр паваліў дрэва з надпісам “Купанне забаронена” (фота)
Жывёлу бачылі: яна самотная і можа далёка выходзіць на бераг.
Бабёр-самотнік жыве ў тупіку Вяслярнага канала, які ўпіраецца ў праспект Рэспублікі. Гэта зона адпачынку, тут роварныя дарожкі і сцежкі для шпацыраў брэстаўчан.
Бабра бачыў мастак Анатоль Жалудко, які ходзіць гэтым шляхам на працу. “Корпаўся ў гайку, каштаваў дрэвы. Напэўна, запасы ў вадзе скончыліся”, — мяркуе спадар Жалудко.
У гайку пры Вяслярным канале любяць бываць мамы з маленькімі дзецьмі і падлеткі. Наведнікам варта зважаць, каб не паўтарылася гісторыя з мужчынам, якога днямі загрыз да смерці бабёр у Камянецкім раёне.