Брэсцкія прадпрымальнікі пратэстуюць супраць "паэтапнага зносу кіёскаў"

Прадстаўнікі дробнага бізнесу Брэста просяць мясцовыя ўлады адмяніць ці змяніць рашэнне аб зносе павільёнаў і кіёскаў. Згодна з пастановай, прынятай выканкамам у жніўні 2012 года, да 2015 года плануецца знесці каля 200 гандлёвых аб'ектаў, 58 з якіх — сёлета. 25 красавіка іпэшнікі сустрэліся ў гарвыканкаме з кіраўніцтвам горада і дэпутатамі.

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў нагадаў прадпрымальнікам, што ўсе згаданыя павільёны — часовыя пабудовы, і іх гаспадары мусяць быць падрыхтаванымі, што дамова аб арэндзе можа не быць працягнутай. Аднак Палышанкоў запэўніў, што пастанова аб зносе павільёнаў і кіёскаў, якая нібыта была прынята падчас яго бальнічнага, будзе перагледжана.

Нягледзячы на абяцанні кіраўніка горада, прадпрымальніца Вольга Федасенка лічыць, што абяцанага дыялогу, дзе б прадпрымальнікі падзяліліся сваімі праблемамі і паспрабавалі іх вырашыць, не было:

"Адбылася сустрэча "пана з халопам". Я першая ўзяла слова — хвілін 5-10 мне далі сказаць, але потым сапраўды заткнулі рот. Сказалі, што патрэбны рэгламент, і я яго павінна трымацца. Але ж яго не было: кіраўнік Савету дэпутатаў і кіраўнік гарвыканкаму выступалі амаль па гадзіне без аніякага рэгламенту!"

Пасля абвяшчэння "графіку зносу" ў брэсцкай інтэрнэт-прасторы найбольш абмяркоўваўся ўчастак каля гіпермаркета "АЛМІ" ў мікрараёне Усход. На думку мясцовых жыхароў, знішчэнне павільёнаў — ініцыятыва крамы, якая хоча пазбавіцца ад канкурэнтаў.

Аднак дэпутат гарадскога савета па 17-й выбарчай акрузе Таццяна Аўдзяйчук пераконвае, што гэта толькі чуткі:

"Я, напрыклад, падзяляю пункт гледжання, што вакол "Юбілейнага" (былая крама на сённяшнім месцы "АЛМІ". — заўв. Еўрарадыё) не патрэбныя гэтыя кіёскі. Там ужо стаіць вялікі гандлёвы комплекс, цывілізаваны, сучасны, прыгожы. Толькі адзінае, што я не ведаю, як даводзілася інфармацыя аб непрацягненні арэнды да прадпрымальнікаў... Маё ж меркаванне як жыхара горада Брэста: я не лічу, што "АЛМІ" не з'яўляецца ініцыятарам зносу кіёскаў. Кіёскі — гэта ўжо ўчорашні дзень!"

Сваё меркаванне на сустрэчы з прадпрымальнікаў ад імя гарадскога савета дэпутатаў выказаў і яго кіраўнік Генадзь Масько. Ён лічыць перагляд рашэння аб зносе кіёскаў адыходам ад запланаванай "канцэпцыі паляпшэння горада".

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма