Брэстаўчане прапануюць месца, куды перасяліць замярзаючых лебедзяў (фота)

Меркаванае новае месца жыхарства знаходзіцца каля Гузнянскага моста — за восем кіламетраў уверх па плыні. Прамывіна разоў у дзесяць большая за цяперашнюю палонку каля Варшаўскага моста ў цэнтры горада і мала заселеная. Там каля двух дзясяткаў лебедзяў і калонія качак.

Лебедзі могуць карміцца са дна. Таксама людзі гатовыя насіць корм.

Нагадаем, 6 лютага выратавальнікі пашырылі палонку, у якой зімуюць каля ста лебедзяў. Цяпер, калі аслаблі маразы, птушкі пачуваюцца нашмат лепш, чым раней. Але пад канец тыдня зноў абяцаюць да -30 градусаў.

Дарэчы, учора выратавальнікі мелі напагатове сеткі для адлову птушак, але не ведалі, куды іх падзець. Таму абмежаваліся тым, што бензапіламі проста пашырылі палонку.