Брытанія заклікае Лукашэнку змякчыць прысуд Канавалаву і Кавалёву

Пра гэта гаворыцца ў каментары міністра па справах Еўропы Дэвіда Лідынгтана, які атрымала агенцтва БелаПАН праз амбасаду Вялікабрытаніі ў Беларусі. У прыватнасці, Лідынгтан заяўляе, што Брытанія шкадуе аб загінулых і пацярпелых у выніку выбуху ў мінскім метро і жадае, каб адказныя за тэракт былі перададзеныя правасуддзю.

Пры гэтым справаздачы шэрагу незалежных праваабарончых арганізацый ставяць пад сумнеў і шмат якія доказы, і адпаведнасць прававым нормам судовага разбіральніцтва, адзначае брытанскі міністр. Ён таксама занепакоены тым, што ў асуджаных на смерць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва няма магчымасці абскардзіць вынесены ім прысуд.