Была гімназія для таленавітых дзяцей — стала кадэцкая вучэльня
Бацькі навучэнцаў ставяцца да змены шыльды вельмі насцярожана.
Лужаснянскай гімназіі, дзе навучаліся таленавітыя дзеці з усёй Віцебскай вобласці, больш няма. Першага верасня яна адчыніла дзверы для сваіх навучэнцаў ужо як новая навучальная ўстанова — Віцебская кадэцкая вучэльня.
Асноўнай прычынай гэтай рэарганізацыі быў названы рост колькасці навучальных устаноў такога кшталту ў раёнах Віцебскай вобласці. І ў сувязі з гэтым — неабходнасць пошуку новых форм для прыцягнення навучэнцаў у Лужасна. Як запэўніў прысутных дырэктар кадэцкай вучэльні Уладзімір Шыцько, рэарганізацыя кардынальна не зменіць навучальны працэс і тыя дзеці, якія ў свой час паступілі ў гімназію, скончаць навучанне ў звыклым для іх фармаце.
Уладзімір Шыцько: "Дзеці, якія навучаліся ў гімназіі, плаўна пераходзяць. Мы проста апранулі іх у форму. Але накірункі застаюцца, і тыя таленавітыя дзеці, якія тут займаліся, будуць спакойна працягваць адукацыю.
Якраз я сказаў, што дзяўчынак мы таксама набіраем. Адзінае што — адбор будзе больш жорсткім. Але настаўнікі — тыя, што былі, тыя і застануцца. Тыя дзеці, якія вучыліся ў гімназіі, там і застануцца, нягледзячы на тое, што мы перайшлі ў новы статус. Па тых жа праграмах і планах, што былі ў гімназіі...
Нашу гімназію закончыла прыблізна 1100 чалавек і амаль усе паступілі ў ВНУ. Я думаю, што і ў новым статусе мы горш працаваць не будзем".
Аднак бацькі навучэнцаў ставяцца да змены шыльды пакуль што вельмі насцярожана.
Маці аднаго з навучэнцаў: "Вядома, мы не вельмі гэтага хацелі. Адназначна. Але што рабіць? Мы ведаем, што настаўнікі тут вельмі моцныя. Але ж усё адно праграма адрозніваецца!"
Ці захавае пасля рэарганізацыі лужаснянская навучальная ўстанова свой статус самай сур’ёзнай школы абласнога цэнтра, пакажа час. На ўрачыстай лінейцы былі агучаныя прозвішчы вядомых людзей, што ў свой час таксама былі кадэтамі. Узначаліў спіс пісьменнік Максім Гарэцкі, замкнуў — губернатар вобласці Аляксандр Косінец.

Кадэтам паказалі “майстар-клас” амапаўцы…

… і дэсантнікі.


Праваслаўная царква блаславіла замену элітнай гімназіі на кузню кадраў для войска.