Чалы: Падаражэнне — расплата за нядаўні "фестываль нечуванай шчодрасці"

Эканаміст Сяргей Чалы пракаментаваў у жывым эфіры Еўрарадыё чарговыя падаражэнні прадуктаў харчавання і рост тарыфаў на электрычнасць і газ.

Чалы: "У якасці афіцыйнай падставы падаражэння называецца рост цэнаў на прадукты харчавання ва ўсім свеце. Але, шчыра кажучы, далёка не так і такімі тэмпамі яны растуць, як у нас. Гэта непазбежная расплата за той "фестываль нечуванай шчодрасці", які праходзіў у выбарчы год. Рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 35%, намінальны заробак амаль на 50%. І зразумела, што крыніцай фінансавання такога рода павелічэння сацыяльных выдаткаў, не было нічога, акрамя друкавання грошай... Тое, што павышэнне цэнаў адбываецца з зайздроснай рэгулярнасцю, нервуе. Гэта ў чыстым выглядзе вынік інфляцыйнага напампоўвання, якое адбывалася ў мінулым годзе".

Нагадаем, пасля падаражэння грэчкі стала вядома, што з 12 лютага на 10% падаражэе цукар (прычым ужо другі раз за няпоўны месяц). Даволі значна задняй датай выраслі і тарыфы на электрычнасць і газ для насельніцтва.