Цыганы і каўказцы на Ждановічах не паладзілі ў цане на мабільнік
Мяркуецца, што менавіта з-за гэтага 20 кастрычніка на рынку адбылася масавая бойка, у выніку якой затрымалі болей за 40 чалавек.
Інцыдэнт адбыўся прыкладна а 13.00 непадалёк ад харчовага рынку. Як сведчаць відавочцы, цыгане з расійскім грамадзянства і каўказцы не змаглі дамовіцца пра цану ў момант продажу сотавага тэлефона. Пачалася лакальная сварка, а затым кожны з канфліктуючых бакоў запрасіў сваякоў і знаёмых. Адзін з удзельнікаў патасоўкі выхапіў траўматычны пісталет і пачаў страляць у натоўп, інфармуе БелаПАН.
Ад куляў пацярпелі тры чалавекі. Мужчыну, які распачаў стральбу, моцна збілі. Усіх чацвярых даставілі ў лякарню. Усяго затрымалі 43 чалавекі, іх даставілі ў Цэнтральны РУУС Мінска, паведаміў тэлеканалу “Беларусь-1” супрацоўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкаму Яўген Сачак.