Доктара адправілі ўзгадняць назву ўстановы да святога Панцеляймона

Назву ён абраў у гонар святога Панцеляймона (святы шматпакутнік Панцеляймон дапамагае пазбаўляцца ад цялесных і духоўных хвароб). Гэта ўстанова бясплатна давала б слонімцам розныя кансультацыі па медыцыне, па юрыдычных пытаннях, звязаных з лячэннем і платнымі медыцынскімі паслугамі і г.д., паведамляе spring96.org

Але ён ніяк не можа прайсці першы этап рэгістрацыі. Каля 15 розных адмоўных адказаў Іван Шэга атрымаў з Гродна з аддзела па вядзенні Адзінага дзяржаўнага рэгістра Гродзенскай вобласці. У апошнім адказе намеснік начальніка аддзела А.В.Губановіч таксама даў адмоўны адказ. Доктару паведамілі, што “не дапушчаюцца да ўзгаднення ўласныя імёны асобаў, калі яны не супадаюць з імёнамі заснавальнікаў і заснавальнікі не атрымалі дазволу такіх асобаў (іх нашчадкаў)”.

Выходзіць, што Івану Шэгу неабходна звяртацца па дазвол да самога святога Панцеляймона.