Дзіянаў: Алега Гайдукевіча ў "чорны спіс" можа ўключыць любы пенсіянер

Нагадаем, Алег Гайдукевіч — былы начальнік Упраўлення ўнутраных спраў Фрунзенскага раёна сталіцы. Ён працаваў у міліцыі летась, калі ў Мінску разганялі "маўклівыя акцыі", да арганізацыі якіх меў дачыненне Вячаслаў Дзіянаў.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Алег Гайдукевіч сказаў, што яго не ўдасца ўнесці ў "чорны спіс" Еўрасаюза, бо ён "не парушаў закон", а Дзіянаў і іншыя апазіцыянеры-ўцекачы "не маюць ніякага ўплыву".

Вось як адрэагаваў на гэта Вячаслаў Дзіянаў:

"У дадзеным выпадку ніякага ўплыву не трэба. Тэарэтычна любы грамадзянін Беларусі можа запусціць працэс занясення чалавека ў чорны спіс ЕС. Для гэтага трэба ведаць толькі працэдуру ўнясення ў чорны спіс Еўрасаюза і сабраць патрэбныя матэрыялы, якія будуць даказваць, што дадзены чалавек альбо ўдзельнічаў у рэпрэсіях, альбо кіраваў тым органам, які займаўся рэпрэсіямі".

Дзіянаў спадзяецца, што ініцыятыву з уключэннем ў "чорны спіс" ЕС Алега Гайдукевіча (на здымку) падтрымаюць іншыя беларускія арганізацыі. Што да меркавання Гайдукевіча пра неабходнасць аддаць Дзіянава пад суд за падбухторванне людзей да "маўклівых акцыяў", то блогер сваёй віны не адчувае. Ён кажа, што ў Беларусі падаўляецца любая недазволеная ўладамі акцыя, але без рэпрэсій з боку дыктатуры краіна не зможа здабыць свабоду, лічыць Вячаслаў Дзіянаў.

Фота Еўрарадыё, svaboda.org