ЕС не будзе ўжываць эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Мінску
Але гатовы пашырыць візавыя. Пра гэта заявіў еўракамісар Штэфан Фюле на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай грамадскасці.
Яна адбылася 29 лістапада ў рамках Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" (Еўранэст).
Паводле звестак сайту кампаніі "Гавары праўду!", Фюле адзначыў, што беларускую праблему нельга развязаць толькі з дапамогай Масквы. Па яго словах, Еўрасаюзу важнае ўзмацненне і адзінства апазіцыі, а таксама наяўнасць альтэрнатывы ўлады ў Беларусі. Таму Еўрасаюз адмаўляецца весці перамовы з афіцыйным Мінскам за спінай у грамадзянскай супольнасці.
ЕС гатовы дапамагчы рэформам у Беларусі. І гаворка ідзе не толькі пра фінансавую дапамогу, але і пра новыя тэхналогіі, у якіх мае патрэбу Беларусь. Таксама Фюле адзначыў, што Еўрасаюз запрашае да перамоваў пра будучыню Беларусі не толькі прадстаўнікоў апазіцыі, але і прадстаўнікоў наменклатуры, якія ўсведамляюць, што краіне патрэбныя змены і іх не можа даць Расія. Так, 7 снежня адбудзецца сустрэча, на якую будзе запрошаны віцэ-прэм'ер Сяргей Румас. Але ЕС не пагодзіцца супрацоўнічаць з беларускай дзяржавай, пакуль у ёй парушаюцца правы чалавека, ёсць палітычныя рэпрэсіі, адсутнічаюць свабода слова, сходаў і незалежны суд.