Фан-клуб зборнай Беларусі "Б-12" не падтрымае каманду на матчы з Іспаніяй
Прычынай называюцца завышаныя кошты квіткоў на гульні адборачных матчаў чэмпіянату свету — 2014.
У заяве фанатаў, якую цытуе сайт goals.by, яны адзначаюць, што апошнія пяць гадоў усяляк стараліся падтрымаць каманду. Футбольныя заўзятары адзначаюць, што за гэты час яны здолелі цалкам запаўняць фанацкі 21-ы сектар. "Вакол змянялася шмат што, акрамя ўзроўню арганізацыі матчаў. Традыцыйна брудныя сядушкі, жудасная прапускная сістэма, якая забараняе праносіць на стадыён усё, хамскія паводзіны міліцыі, адсутнасць годнага харчавання", — выказваюць фанаты свае прэтэнзіі.
У дадатак да ўсяго, у параўнанні з гульнёй супраць Босніі і Герцагавіны, якая адбылася год таму, кошты на квіткі выраслі больш як у 10 разоў на матч супраць Іспаніі, і ў 3,5 раза — супраць Грузіі. У сувязі з гэтым, фанаты вырашылі не арганізоўваць фан-сектар на матчы з Іспаніяй. Паход на стадыён — асабістая справа кожнага, заяўляюць яны.
Разам з тым, у заяве гаворыцца, што яна тычыцца толькі матча супраць Іспаніі.
Фота — forum.onliner.by