Фанаты ФК “Гомель” паўдзельнічаюць у Кубку Памяці ў Маскве

У турніры, які праходзіць 28 кастрычніка, агулам прымуць удзел пяцьдзясят каманд,  восем з якіх — замежныя. Беларусь будуць прадстаўляць заўзятары і фанаты футбольнага клуба “Гомель”. Гэта турнір, які ладзіцца сярод фанатаў футбольных клубаў, не мае аналагаў на тэрыторыі Расіі і выконвае ролю міжнароднага. Апроч беларускіх прыхільнікаў футбола да яго далучацца прадстаўнікі Украіны, Сербіі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Нямеччыны.

Трагедыя ў Лужніках адбылася 20 кастрычніка 1982 года. У той дзень праходзіў матч 1/16 розыгрышу Кубка УЕФА паміж маскоўскім “Спартаком” і “Хаарлем” з  Нідэрландаў. На Вялікай спартовай арэне Цэнтральнага стадыёна імя Леніна (цяпер — стадыён “Лужнікі”) у Маскве пачалася масавая цісканіна. У выніку, паводле афіцыйных звестак, загінула 66 заўзятараў “Спартака”, многія з якіх былі падлеткамі. Інфармацыя пра колькасць ахвяр гэтай трагедыі з’явілася ў савецкім друку толькі праз сем гадоў, у 1989 годзе.