Футбалістам “Дняпра” дагэтуль не выплацілі прэміяльныя за мінулы чэмпіянат
За гэта федэрацыя футбола вырашыла пазбавіць клуб аднаго ачка. “Дняпро” падае апеляцыю і вінаваціць у запазычанасці прадпрыемствы-спонсары.
Федэрацыя футбола хоча пазбавіць “Дняпро” аднаго ачка.
“У сувязі з сістэматычным невыкананнем рашэнняў камітэта па статусе і пераходах футбалістаў гэты камітэт зняў з клуба “Дняпро” (Магілёў) 1 ачко. Да 27 верасня ёсць магчымасць гэтае рашэнне апратэставаць, яно яшчэ не ўступіла ў сілу”, – распавёў Еўрарадыё старшыня камітэта статусе і пераходах Сяргей Ільіч.
Афіцыйная прычына, па якой “Дняпро” збіраюцца пазбавіць ачка – нявыплата прэміяльных за гульні чэмпіянату Беларусі мінулага года. Некалькі тыдняў таму магілёўскія футбалісты нават адмовіліся выходзіць на трэніроўкі. Каб супакоіць гульцоў, клуб усё ж такі выплаціў прэміяльныя, але пакуль толькі за мінулагодні ўдзел у Лізе Еўропы. За 9 гульняў да канца чэмпіянату магілёўскі клуб займае апошняе месца з 21 баламі. Таму кожнае ачко стане вырашальным: каманда можа вылецець з вышэйшай лігі.
Цяпер “Дняпро” рыхтуе дакументы, каб падаць апеляцыю. Па словах гендырэктара клуба Аляксандра Сенцюрова, запазычанасць узнікла па віне прадпрыемстваў-спонсараў, якія хранічна не выконваюць графікі плацяжоў.
Аляксандр Сенцюроў: “Пытанне з грашыма вырашаецца, але цяжка. Па гэтым сезоне пакуль няма праблем, але дамоклавым мячом вісяць даўгі па мінулым сезоне. Увага надаецца, але прадпрыемствы знаходзяць тысячу прычын, каб не плаціць”.
Сенцюроў спадзяецца, што да канца сезона фінансавыя праблемы будуць вырашаныя. А магчымы вылет магілёўскай каманды з вышэйшай лігі ў першую, каментаваць адмаўляецца.
Сенцюроў: “Мы не абмяркоўваем пытанне вылету ў першую лігу. Прыкладаюцца ўсе маральныя і фізічныя намаганні, каб застацца ў вышэйшай лізе”.
Капітан каманды Яўген Капаў лічыць, што рашэнне пазбавіць каманду аднаго ачка няправільным, і нават несправядлівым.
Капаў: “Мы ж тут пры чым! Неяк няправільна. Зразумела, усе футбалісты крыху ў шоку: ачкоў і так мала, і тыя забіраюць. Аднак моцнага ціску гэта не аказвае, да галавы пакуль не бярэм. Я думаю, што гэта ўсё павінна ўрэгулявацца, калі хочуць, каб тут была каманда”.
Зараз каманда рыхтуецца да матчу супраць яшчэ аднаго аўтсайдэра чэмпіянату – брэсцкага “Дынама”. Па словах капітана магілёўскай каманды, гульцы маюць сур’ёзную матывацыю, каб застацца ў вышэйшай лізе. Да таго ж, з новым галоўным трэнерам – Вячаславам Герашчанкам – адчуваецца новы подых.
Капаў: “З новым трэнерам, зразумела, па-іншаму. Мяняецца трэніровачны працэс, стаўленне. Адчуваецца новы подых. Спадзяюся, што ён толькі палепшыць нашу гульню”.
На думку Капава, застанецца ці распадзецца каманда ў выпадку вылету ў першую лігу, залежыць ад кіраўніцтва. Але сам Капаў, які ўсю сваю футбольную кар’еру грае ў “Дняпро”, спадзяецца, што клуб нікуды не знікне.
Фота: fcdnepr.by