Генадзь Бураўкін: Усебеларускі з'езд атрымае розгалас і па-за межамі краіны

Па словах Бураўкіна, у ініцыятараў выклікаюць занепакоенасць як эканамічная, так і культурная сітуацыя ў Беларусі:

Бураўкін: "Пачынаецца распродаж нашых нетраў. Гэта тое, што даў нам Бог! І ніякая дзяржава, ніякія кіраўнікі не маюць права так лёгка імі гандляваць, так лёгка за іх кошт свае нейкія меркантыльныя, амбіцыйныя задачы вырашаць... Калі мы хочам застацца народам, нацыяй, то мы павінны берагчы і развіваць нашу культуру, нашу мову. Не можа быць развіцця беларускай мовы без беларускай незалежнай дзяржавы. І не можа быць беларускай незалежнай дзяржавы без беларускай мовы. Для мяне гэта абсалютна відавочныя рэчы!"

Бураўкін разам з Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім і Анатолем Грыцкевічам быў сустаршынём першага Усебеларускага з'езду за незалежнасць, які прайшоў у 2000 годзе. Тая акцыя, мяркуе паэт, дала свой плён:

Бураўкін: "Калі б яго не было, калі б не было Акту незалежнасці, на мой погляд, намнога больш шпаркімі тэмпамі ішло б будаўніцтва так званай "Саюзнай дзяржавы", намнога больш адкрыта, нахабна вынішчалася б усё нацыянальнае ў нашай дзяржаве. На жаль, гэты з'езд не перапыніў гэтую практыку. Але я лічу, што ён запаволіў гэтую практыку".

Ідэю правесці новы Усебеларускі з'езд, кажа Бураўкін, падтрымалі грамадскія дзеячы. А вось партыі пакуль маўчаць.