Генпракуратура не стала разглядаць скаргу аспіранта на кіраўніцтва НАНБ
Былы аспірант Акадэміі навук Аляксей Паўлоўскі з Магілёва атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры.
Пракурорам ён падаваў скаргу, у якой абвінаваціў кіраўніцтва Акадэміі навук у парушэнні закона пра зварот грамадзян. Як інфармуе БелаПАН, пракуратура заявіла пра сваю некампетэнтнасць у разглядзе такіх скаргаў. Службозцы пракуратуры паведамілі, што сочыць за тым, каб законы выконвалі арганізацыі, падпарадкаваныя Савету міністраў. А Акадэмія навук падпарадкоўваецца прэзідэнту Беларусі.
Нагадаем, магілёўца адлічылі з аспірантуры Інстытута фізіялогіі, бо ён патрабаваў даць месца ў інтэрнаце і кампенсаваць выдаткі на арэнду жытла ў Мінску. Па словах Паўлоўскага, адказ ад кіраўніцтва навуковай установы прыйшоў на 10 дзён пазней за адведзены законам месячны тэрмін і "быў дадзены не па сутнасці". Малады навуковец угледзеў у гэтым парушэнне з боку старшыні і намесніка старшыні прэзідыума Акадэміі навук.