Герасіменя папрасіла — і Лукашэнка знайшоў старшыню федэрацыі плавання
Анатоль Тозік яшчэ ў лютым прапанаваў навучыць плаваць усіх малодшых школьнікаў.
У чацвер Лукашэнка ўручаў узнагароды беларускім чэмпіёнам і прызёрам Алімпіяды ў Лондане. Вядомая плыўчыха, двухразовая срэбраная прызёрка Алімпіяды Аляксандра Герасіменя заявіла, што "за ёй нікога няма". Што сёння не хапае дасведчаных кіраўнікоў, якія б выбудавалі піраміду: ад юнацкага спорту да спорту вышэйшых дасягненняў. Яна лічыць, што федэрацыі патрэбны старшыня, якія б вывеў гэты від спорту на новы ўзровень.
БЕЛТА паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка "нечакана хутка вырашыў пытанне" і прапанаваў на пасаду кіраўніка федэрацыі па плаванню віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка (на здымку). "У яго ёсць рэсурс, каб прыцягнуць любога", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прысутны на сустрэчы Тозік пагадзіўся на гэтую прапанову.

Варта нагадаць, што ў лютым сёлета менавіта Анатоль Тозік выступіў з прапановай навучыць усіх малодшых школьнікаў плаваць.
Цяпер старшынём Беларускай федэрацыі плавання з'яўляецца міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Белахвостаў.
Фота — bymedia.net, ctv.by