"Гістарычная майстэрня" адмовіла кінаклубу "Невядомая Беларусь"
15-е паседжанне кінаклуба давялося тэрмінова пераносіць на іншую пляцоўку.
Як адзначае Радыё "Свабода", паседжанне называлася "Дзве лініі Сталіна" і на ім паказвалі дакументальныя фільмы "Лінія Сталіна: гонар ці ганьба?" ды "Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён".
Кіраўнік "Гістарычнай майстэрні" Кузьма Козак кажа, што гэтая ўстанова займаецца гісторыяй Халакосту. А пытанні, якія разглядаюць на паседжаннях кінаклуба "Невядомая Беларусь", выходзяць за гэтыя рамкі.
Кіраўнік кінаклуба, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, у сваю чаргу, адзначае, што "Гістарычная майстэрня“ не з'яўляецца самастойнай адзінкай і мусіць выконваць заўвагі ўлады.
Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў кінаклуба, старшыня беларускага аддзялення міжнароднага "Мемарыяла" Уладзімір Раманоўскі адзначае, што ў свой час "Гістарычная майстэрня" стваралася Міжнародным цэнтрам ІВВ у тым ліку дзеля ўшанавання памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў.
На фота svaboda.org: Кузьма Козак (у цэнтры) сярод удзельнікаў кінаклуба