Гомельскія фанаты да канца сезону адмаўляюцца ад падтрымкі сваёй каманды
Нагодай сталі сапсаваныя адносіны з праваахоўнікамі.
Прыхільнікі футбольнага клуба "Гомель" напісалі калектыўны ліст у газету "Прессбол". У іх шмат прэтэнзій да міліцыянтаў. Па-першае, у фанацкі сектар не дазваляюць праносіць нацыянальныя сцягі Сербіі, Украіны і Эстоніі. Легіянеры з гэтых краін абараняюць колеры клуба, і такі спосаб падтрымкі замежнікаў дазваляецца ў шмат якіх краінах.
Па-другое, фанаты "Гомеля" абураныя жорсткім абыходжаннем падчас еўракубкавага матча з турэцкім "Бурсаспарам". Тады, кажуць фанаты, іх не выпускалі ў прыбіральню.
"Апошняй кропляй" стаў матч з "Нафтанам" 28 жніўня. Пасля фінальнага свістка міліцыянты і амапаўцы выпускалі з фанацкага сектару строга па пяць чалавек і пры гэтым запісвалі іх асабістыя звесткі. У выніку гэтая працэдура заняла сорак хвілінаў.
У выніку ўсяго гэтага фанаты і адмаўляюцца падтрымліваць сваю каманду. У матчы 25 верасня з "Мінскам" фанацкі сектар гамельчукоў пуставаў.