Гомельскія ўлады абвяргаюць, што абмежавалі спіс тавараў для продажу
У навінах "Белтэлерадыёкампаніі" быў паказаны сюжэт пра тое, што ў крамы Гомеля ўжо месяц не паступаюць прадукты з іншых рэгіёнаў краіны.
Кіраўнікі крам распавялі, што мэр горада выклікаў іх да сябе і загадаў прыбраць з прылаўкаў прадукцыю, зробленую па-за Гомельскай вобласцю. Тым, хто не паслухаецца, ён абяцаў "вялікія непрыемнасці".
Па словах намесніка старшыні гарвыканкама С. Андрэева, адбылося нейкае непаразуменне. "Мы павінны працаваць у рамках тых заканадаўчых актаў, якія дзейнічаюць у рэспубліцы, а таксама павінны забяспечваць гандлёвую сетку шырокім асартыментам якасных тавараў, баронячы айчыннага вытворцу. Тым больш, што гэта прадукцыя мае досыць высокую якасць. А ўжо які тавар браць- пра гэта меркаваць спажыўцу", - сказаў ён.