Гродзенец абрабаваў нямецкія банкі на суму ў 800 тысяч еўра

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі сумесна з паліцыяй ФРГ спынілі дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, якая рабавала нямецкія банкі.

Як паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч, адным з лідараў групоўкі аказаўся грамадзянін Беларусі, 29-гадовы жыхар Гродна. Ён затрыманы. Разам з іншымі злачынцамі гарадзенец стварыў міжнародную злачынную арганізацыю, якая спецыялізавалася на рабаваннях нямецкіх банкаў. Устаноўлена 34 узброеных напады на банкаўскія ўстановы ў Германіі. Падчас іх было выкрадзена больш за 800 тысяч еўра.