Гродзенскім раварыстам забаранілі арганізавана рухацца нават па тратуарах

Трыдыцыйна ў Гродне ў апошнюю пятніцу кожнага месяца аматары ровараў ладзяць масавыя заезды. 28 кастрычніка мусіў адбыцца фінальны старт з Савецкай плошчы да вуліцы Горкага і назад да Савецкай.  Аднак за некалькі гадзін да пачатку арганізатараў выклікалі ў гарвыканкам.

“Намесніца старшыні Ірына Сенчанкава і прысутныя на сустрэчы супрацоўнікі праваахоўных органаў прапанавалі падаць пісьмовую заяву на правядзенне масавага мерапрыемства, — расказала велаактывістка Юлія. — Мы напісалі свой 7-кіламетровы маршрут, які быў аб’яўлены загадзя. Ужо праз гадзіну я забрала адказ. Заезд дазволілі, аднак па непрымальным для нас шляху!”

Раварыстам прапанавалі ехаць не па асветленых тратуарах, а з Савецкай плошчы кіравацца ў бязлюдны Каложскі парк. Прычыну змены маршрута афіцыйна актывістам не назвалі.

“Пад час размовы ў гарвыканкаме праваахоўнікі казалі, што яны не могуць забяспечыць нам нашу бяспеку пад час заезду. Магчыма, з-за гэтага наш маршрут змянілі”, — лічыць Юлія.

Апошні калектыўны заезд усё ж адбыўся ў санкцыянаваным Каложскім парку. Велаактывісты ўзнагародзілі ўдзельнікаў з самай яркай падсветкай ровара і развіталіся да наступнага сезона.