Інвестары адмаўляюцца ад "радыеактыўных" праектаў?

Гэты факт сёння ўскосна прызнаў кіраўнік Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.

Летась у траўні іранская кампанія Azarab Ind і Гомельскі аблвыканкам падпісалі інвестыцыйную дамову. Паводле дакумента, інвестар мусіў за 36 месяцаў падрыхтаваць радовішча да прамысловай распрацоўкі і запусціць завод магутнасцю 1 млн тон цэмента за год. Кошт праекта ацэньваўся ў 200 млн долараў, аднак пакуль інвестар не распачаў працы, перадае БЕЛТА.

"Мы не страцілі надзею рэалізаваць падпісаную дамову з іранскай кампаній, аднак час сыходзіць", — сказаў Дворнік, не выключыўшы магчымасці прыцягнення новага інвестара.

Варта адзначыць, што прычынай адмовы іранскага інвестара ад рэалізацыі праекта можа быць нежаданне беларускіх уладаў удзельнічаць у выдатках па дэзактывацыі радовішчаў: абодва размешчаныя на тэрыторыі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

З гэтай жа прычыны — падвышаная радыяцыя — ад распрацоўкі Добрушскага радовішча крэйды ў свой час адмовілася расійская кампанія "Ітэра", піша АФН.