Івацэвіцкія ратавальнікі раяць насельніцтву самастойна змагацца з шэршнямі
У адваротным выпадку выезд ратавальнікаў можа пацягнуць на кругленькую суму.
Як піша газета “Івацэвіцкі веснік”, за апошнія два гады мясцовыя супрацоўнікі МНС 110 разоў выязджалі на выклікі, звязаныя з шэршнямі. Напэўна такія выезды адмоўна адбіліся на бюджэце арганізацыі, таму намеснік начальніка Івацэвіцкага РМНС Раман Садоўнік раіць напачатку лета самастойна знішчаць матак шэршняў і рабіць пасткі з пластыкавых бутэлек. Калі не будзе знойдзена гняздо злосных інсэктаў, то такі выклік будзе расцэнены як платны. А калі гняздо будзе выяўлена, то ратавальнікі дабяруцца да яго самым кароткім шляхам, разбіраючы канструкцыі будынкаў, а пасля іх аднаўленне і рамонт ляжа на плечы гаспадара.
Асаблівае здзіўленне выклікае наступная парада ратавальніка : “Калі вы знайшлі такое гняздо, то ні ў якім разе не кранайце яго. Настройце сябе на тое, каб мірна пражыць у такім суседстве да першых замаразкаў. У халодны перыяд года гняздо пустуе (шэршні зімуюць у зямлі), выдаліце “дом самавольнага забудоўшчыка”, а розныя дзіркі і адтуліны варта “забіць” мантажнай пенай”.