Івацэвіцкі "Райводаканал" абвяргае звесткі пра знішчэнне выбарчых бюлетэняў
Пра гэта заявіў яго дырэктар Уладзімір Бурдзь.
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, два дні таму на прадпрыемстве правяралі гатовасць катла да восеньска-зімовага перыяду. Але, кажа Бурдзь, нічога падобнага да бюлетэняў там не палілі.
Нагадаем, у інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што ў катле "Райводаканалу" два супрацоўнікі КДБ спалілі бюлетэні мінулых выбараў. Гэта адбывалася нібыта з 13 да 15 гадзін.
У Цэнтравыбаркаме Еўрарадыё паведамілі, што пасля выбараў бюлетэні захоўваюцца паўгода. Праз 6 месяцаў іх можна знішчаць, таму нічога дзіўнага ў івацэвіцкіх падзеях, маўляў, няма.