Каля беларускай амбасады ў Кыргызстане зноў ідзе мітынг

Як перадае сайт 24kg.org, мітынгоўцы хочуць перадаць афіцыйны зварот амбасадару Беларусі ў Кыргызтане. Яны патрабуюць, каб беларускія ўлады выконвалі патрабаванні Мінскай канвенцыі і выдалі ў Кыргызстан экс-прэзідэнта Бакіева з братам і іх паплечнікаў.

Зранку каля беларускай амбасады ў Бішкеку сабралося каля 50 чалавек. Лік мітынгоўцаў пакрысе павялічваецца. У руках яны трымаюць плакаты з надпісамі "Жаныш Бакіеў - забойца і кат", "Амбасада Беларусі, прэч з Кыргызстана", "Эвакуацыя ці экстрадыцыя", "Беларусь — прытулак для забойцаў" ды інш.

Нагадаем, што Генпракуратура Беларусі адмовілася выдаваць Жаныбека Бакіева ў Кыргызстан, дзе яго вінавацяць у крымінальных злачынствах. Беларускія ўлады, аднак, лічаць, што брата экс-прэзідэнта пераследуюць з палітычных прычынаў.

Нагадаем, што мітынгі каля беларускай амбасады ў Бішкеку ладзяцца з канца жніўня. Апошні адбыўся ў пятніцу, 7 верасня, пад лозунгам "Эвакуацыя ці экстрадыцыя".