Кантроль над аварыйнай “Фукусімай-1” возьмуць толькі праз 9 месяцаў
Менавіта столькі часу спатрэбіцца для спынення рэактара ў халодным стане.
Такую інфармацыю паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Токіо кіраўнік Tokyo Electric Power Со Цунехіса Кацумата. Кампанія-аператар АЭС “Фукусіма-1” праз тры месяцы плануе скараціць уцечкі радыяцыі, а потым яшчэ цягам трох-шасці месяцаў ахаладзіць рэактары. Потым будынак рэактара, які атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні ў выніку землятрусу, зачыняць.
Паводле словаў Цунехісы Кацуматы, гэта дазволіць дзясяткам тысяч сем’яў з зоны эвакуацыі вакол АЭС вярнуцца дадому.
Тым часам узровень радыяцыі ў моры расце. Паводле карэспандэнта ВВС, галоўная праблема заключаецца ў тым, што дагэтуль незразумела, ці рэальны дзевяцімесячны план спынення рэактараў. У пятніцу ўзровень радыяцыі ў моры перавышаў нормы ў 6,5 тысяч разоў.