Касціцын зможа далучыцца да зборнай ў матчы супраць Швейцарыі
Форвард “Манрэаля” пацвердзіў, што прыедзе на чэмпіянат свету па хакеі (+расклад гульняў беларусаў).
Форвард “Манрэаля” Андрэй Касціцын зможа далучыцца да зборнай Беларусі ў другім матчы чэмпіянату свету супраць Швейцарыі. На стартавы паядынак з канадцамі, які пройдзе ўжо ў гэту пятніцу, нападаючы не паспявае. Пра гэта Еўрарадыё распавёў генеральны менеджар зборнай Святаслаў Кісялёў.
“Пасля гульні “Манрэаля” я з Касціцыным не размаўляў, але ў нас была размова да першага раунда. У нас была дамоўленасць, што ён прыязджае, ён выказаў сваю згоду і гатоўнасць. Я сёння звязваўся з яго бацькамі. Яны размаўлялі з ім пасля гульні, і ён пацвердзіў, што прыедзе на чэмпіянат свету”.
Нагадаем, сёння ноччу “Манрэаль”, у якім выступае Касціцын-старэйшы , саступіў “Бостану” і вылецеў з розыгрышу НХЛ. Такім чынам беларускі форвард атрымаў магчымасць далучыцца да зборнай на чэмпіянаце свету, які стартуе 29 красавіка ў Славакіі.
Першы раўнд.
29 красавіка 21:15 (беларускі час)
Беларусь – Канада
1 траўня 21:15
Беларусь – Швейцарыя
3 траўня 21:15
Беларусь – Францыя
Для таго, каб прайсці ў наступны раўнд, беларусам неабходна займаць месца, не ніжэй за трэцяе.